Здароўе будучага пакалення з’яўляецца безумоўным прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь, што неаднаразова падкрэсліваў Прэзідэнт А.Р.Лукашэнка. «Здароўе дзяцей – гэта пытанне ў тым ліку дэмаграфічнай бяспекі, без чаго няма сэнсу думаць пра заўтрашні дзень. Бо дзеля каго мы будуем Беларусь – утульны і прыгожы куток для жыцця?» (Пасланне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь, 31 сакавіка 2023 года).
Асаблівая роля ў выхаванні дзяцей у нашай краіне адводзіцца традыцыйным каштоўнасцям беларускага народа. Гэта замацавана ў вядучых дзяржаўных дакументах, уключаючы Канцэпцыю бесперапыннага выхавання дзяцей і моладзі, зацверджаную пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 4 лістапада 2025 года №192.
У беларускіх народных традыцыях здароўе і здаровы лад жыцця заўсёды былі цесна звязаны з прыродай, працай і духоўнай чысцінёй. Фізічная актыўнасць падтрымлівалася праз працу на зямлі, а таксама народныя гульні і забавы, якія развівалі сілу і спрытнасць. Аснову харчавання складалі натуральныя прадукты: збожжа, гародніна, лясныя ягады, грыбы, мёд. Беларуская лазня была цэнтрам ачышчэння не толькі цела, але і духу (з ёй звязаны многія абрады і правілы гігіены). Распарадак дня традыцыйна будаваўся паводле светлавога дня: прачыналіся рана і клаліся спаць пасля заходу сонца. У беларускай сям’і здароўе дзіцяці традыцыйна звязвалі з добразычлівасцю і сумленнасцю. Лічылася, што «здаровы дух» немагчымы без павагі да старэйшых і захавання сямейных традыцый.
Аб’яднанне традыцыйных метадаў аздараўлення з сучаснымі падыходамі да фарміравання здаровага ладу жыцця бачыцца перспектыўным напрамкам у навучанні малодшых школьнікаў захаванню і ўмацаванню здароўя, выхаванні у іх нацыянальнай самасвядомасці.
Малодшы школьны ўзрост – гэта перыяд актыўнага развіцця пазнавальных працэсаў і самавызначэння. Дзеці пачынаюць ўсталёўваць першыя лагічныя сувязі паміж сваім самаадчуваннем, здаровым ладам жыцця, фізічнай актыўнасцю, захаваннем гігіены і уплывам навакольнага асяроддзя. У гэтым узросце адбываецца актыўнае засваенне правіл паводзін, традыцый, звычаяў і культурных каштоўнасцяў.
Лідскім занальным цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі распрацаваны інфармацыйна-адукацыйны праект «ЗОЖ па-беларуску: здаровыя традыцыі роднай краіны» (далей – Праект), накіраваны на фарміраванне ў дзяцей малодшага школьнага ўзросту культуры здаровага ладу жыцця на аснове традыцыйных беларускіх каштоўнасцей.
Праект звязвае ахову здароўя з нацыянальнай культурай, гісторыяй, мясцовымі рэсурсамі і ўключае мерапрыемствы, накіраваныя на:
— вывучэнне нацыянальных традыцый, гісторыі, звычаяў, фальклору, якія фарміруюць беражлівыя адносіны да фізічнага і псіхічнага здароўя;
— папулярызацыю традыцыйнай беларускай кухні, выкарыстанне мясцовых прадуктаў, ягад, траў і натуральных напояў;
— знаёмства з народнымі гульнямі, танцамі, спаборніцтвамі як цікавай фізічнай актыўнасцю і альтэрнатывай шкодным звычкам;
— вывучэнне народнай культуры, казак, песень, рамёстваў і іх уплыву на эмацыйны і фізічны стан;
— фарміраванне пераемнасці традыцый здаровага ладу жыцця.
Праект ажыццяўляцца на беларускай мове, што дазваляе ўдзельнікам паглыбіцца ў аўтэнтычнае моўнае асяроддзе і ўмацаваць нацыянальную ідэнтычнасць.
Апрабацыя Праекта праводзіцца з удзелам вучняў чацвёртага класа ДУА «Сярэдняя школа №15 г.Ліды». Тэрмін рэалізацыі – 2026/2027 навучальны год. Мерапрыемствы праводзяцца на базе ДУА «Лідскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі».
Праект ацэньваецца з дапамогай папярэдняй і выніковай дыягностыкі ведаў удзельнікаў. У якасці дыягнастычнага інструментарыя выкарыстоўваецца анкета «Што я ведаю пра здаровы лад жыцця і беларускія традыцыі?»
Атрыманыя вынікі і набыты вопыт могуць быць у далейшым выкарыстаны ў прафілактычным і адукацыйным працэсе пры правядзенні аналагічных мерапрыемстваў.
Аўтар праекта
псіхолаг аддзела грамадскага здароўя і сацыяльна-гігіенічнага маніторынгу дзяржаўнай установы «Лідскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі»
Каральчук Таццяна Іванаўна